МАГІЛЁЎСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры класіцызму ў Магілёве. Узведзены ў 1770-я г. на Губернатарскай пл. (сучасная Савецкая пл.) як будынак ніжняга земскага суда, урачэбнай управы і архіва. Мураваны прамавугольны ў плане аб’ём быў падзелены капітальнымі сценамі на 3 часткі (для кожнай установы). Збоку дваровага фасада кожная з устаноў мела асобны дворык, абнесены мураванай сцяной (не захавалася). У 1883 надбудаваны 3-і паверх, дэкарыраваны гал. фасад, зменена ўнутр. планіроўка, будынак прыстасаваны пад акр. суд. У цэнтры гал. фасада — уваходны партал. Прамавугольныя аконныя праёмы ў простых ліштвах, на 1-м і 3-м паверхах аздоблены замковым каменем, на 2-м завершаны праз адзін сандрыкамі або трохвугольнымі франтонамі. Разбураны ў Вял. Айч. вайну. У 1950-я г. адноўлены і пераабсталяваны пад Магілёўскі абл. краязнаўчы музей.

Т.І.Чарняўская.

Магілёўскага акруговага суда будынак.

т. 9, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)